РАЎНАВА́ГА ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,

баланс кампанентаў асяроддзя і прыродных працэсаў, які забяспечвае працяглае існаванне экалагічных сістэм і біясферы ў цэлым. Падтрымліваецца сукупнасцю фактараў, што склаліся ў працэсе эвалюцыі: пастаянства біятычнага кругавароту рэчываў, суадносіны аўтатрофаў і гетэратрофаў, адаптацыі арганізмаў адзін да аднаго і навакольнага асяроддзя і інш. Прыродныя згуртаванні арганізмаў здольны процістаяць разнастайным шкодным уздзеянням і вяртацца ў зыходны стан, але пры ваганнях умоў асяроддзя, што выходзяць за пэўныя межы, узнікаюць парушэнні Р.э., якія могуць весці да крызісу экалагічнага ці экалагічнай катастрофы. Захаванню Р.э. і яе падтрыманню спрыяюць рацыянальнае прыродакарыстанне і мерапрыемствы па ахове прыроды.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)